Павел Татарнікаў: гэта была відавочна, што я не перастану гуляць у салдацікі

Мастак-ілюстратар пра выставу «Дом» у Гародні, дыснейлэнд у Старым замку, рэканструкцыю, жарт і хуліганства

Выставу "Дом" трэба разглядаць з вельмі блізкай адлегласці. Бясконцае мноства дэталяў і эпізодаў узнаўляюць замкі і бітвы, вяртаюць да жыцця каралёў і паэтаў, разбураюць гістарычныя ілюзіі і візуалізуюць казкі. Напэўна, самы тытулаваны мастак-ілюстратар Беларусі, Павел Татарнікаў, паказвае ў Гародні рэтраспектыву сваёй творчасці. Для mamgrodno.com пагаварылі пра гэта.

Гародня, галерэя 400 квадратаў

Летась у мяне быў юбілей, 50 гадоў, а ў нябожчыка бацькі – 80 гадоў. У Менску не ўдалося правесці персанальную выставу, але я зрабіў групавую з маімі аднакурснікамі-калегамі: Ігарам Гардзіёнкам, Аляксандрам Шапо, Сяргеем Шэметам. А Гародня ведала, што ў мене юбілей, запрасілі. Мастак не валодае плошчай, так бы не прыехаў. Вось толькі на стары Новы год атрымалася – працяг Калядаў. Я вельмі цешуся, бо ўжо думаў, не буду святкаваць. Гэта галерэя ў гіпермаркеце – шыкоўнае месца, знаходка, трэба схаваць, каб чаргі не было.

Выстава «Дом» і мігруючае месца нараджэння

«Дом» – гэта бацькаў твор, дом у якім я правёў дзяцінства. Настрой напружаны і адначасова тут цеплыня акна кухні, вінаград. Вельмі люблю гэты твор. Будынак знеслі ў 78-м годзе, лічыцца, што ў гэтым доме я нарадзіўся, але насамрэч нарадзіўся я на хутары пад Рэпляй пад Ваўкавыскам. Тут мой пупок недалёка закапаны, не пупок, а пупавіна, мой пупок пры мне. Але ніхто не піша аб гэтым, а можа і не трэба, гэта такое мігруючае месца нараджэння.

Imgur

Юры Татарнікаў. Дом.

Мы з бацькам усе гады з адзінкай заўсёды круглыя лічбы святкавалі. Была ў нас выстава трыццаць на пяцьдзясят. А зараз ужо мне пяцьдзясят, а сыночку майму толькі дзесяць гадоў будзе, і тут таксама ёсць яго малюнкі. Мае дзіцячыя малюнкі захавала мама. У юбілейны год кажа: я, вось, чамаданчык дастала, паглядзі. Я гляджу – і па-мойму, нічога не змянілася. Мой партрэт, які намалявала маці, тут таксама ёсць. Толькі роднай сястры няма. Яна дызайнерка, і вельмі шмат для мяне робіць, макеты большасці маіх кніг. Важна, калі ёсць паразуменне з дызайнерам і ён адчувае, што хоча мастак. Атрымліваецца добрая калабарацыя – моднае славечка такое.

Талент і адукацыя

Усе дзеці малююць з маленства, калі ў іх ёсць алоўкі, фарбы, фламастары. Для іх гэта – гульня. І жаданне пагуляцца ў маляванне такое летуценнае, яно вельмі тонкае. Калі няма доступу да матэрыялаў, тры хвіліны – і жадання няма. Ёсць момант, калі няма схільнасці ці любові да гэтага, тады проста перастаюць у гэта гуляць, і ўсё – дзяцінства скончылася. А некаторыя не перастаюць.

Дык вось, гэта было відавочна, што я не перастану гуляць. У мяне быў доступ адразу, у любы моманты былі матэрыялы. І майстэрня таты і майстэрня мамы былі проста ў доме. Я маляваў усюды, дзе толькі была магчымасць, тое самае я бачу ў свайго сына. Яму ствараю такія ж умовы. Ён шмат малюе, таму малюе лепей, чым іншыя дзеці, у якіх меншы мануальны навык – тое што ў іншых прафесіях называецца рамесніцтвам, умеласцю. Талент нам дадзены ўсім, сказана ў прытчы ў Евангеллі. А талент гэта што? Гэта рымская манета самага вялікага наміналу. За яе можна было пражыць нябедна ўсё жыццё. Вось якая сімволіка. Кожнаму даецца Богам талент, за што ён не павінен памерці, бо будзе мець тое, чым займаецца. Але я таксама веру ў дар Святога духа. Бо ён Ёсць

Фрагменты,рэканструкцыя,Павел Татарнікаў

Рэканструкцыя і гульня

Люблю гісторыю, цікаўлюся, але ж я не навуковец, не спецыяліст. Калі раблю рэканструкцыі больш сур'ёзныя, то кансультуюся з гісторыкамі, архітэктарамі і археолагамі. І ёсць рэканструкцыі ненавуковыя, па матэрыялах, якія я магу знайсці сам. Напрыклад, пад кіраўніцтвам і пад крытыкай двух кандыдатаў гістарычных навук Міколы Волкава і Максіма Макарава рабілася рэканструкцыя Віцебску, XIV-XVII стагоддзяў. Яны ўсё дэталёва ўдакладнілі. Я нешта малюю, малюю, прыдумляю, а яны пасля катком праходзяць: так, не было гэтага, трэба гэта прыбраць.

Фрагменты рэканструкцыі Старага Замку,Павел Татарнікаў

Вось са Старым замкам у Гародні цэлую серыю таксама з Міколам Воўкавым мы рабілі. Гіпатэтычныя рэчы, але тое, што кажуць дакладна – археалогія, крыніцы гістарычныя. Мы не ведаем, які быў купал. Там варыянтаў розных ёсць шмат, адзін зрабілі і польскія спецыялісты. Але я рабіў малюнак па інтэрпрэтацыі Воўкава, і ён адрозніваецца. Напрыклад, вось камяніца. Гэта прыбудоўка да вежы, унутры была лесвіца драўляная. І ўсё. Засталіся яе падмуркі, і вядома, што яна была маленькая. А тое, што адбылося – прыдуманае.

Далей вежа, там зараз пабудавалі яшчэ адзін лішні паверх. Такога не было. А ёсць проста абʼем працы і памер фінансавання. Дадалі балюстраду нейкую галерэйную, дадалі паверх, разбурылі старую галерэю, па якой можна было прайсці, і дабудавалі новую. Брамную вежу зрабілі большую таксама, паверх зрабілі яшчэ адзін, і ўрэшце гэта азначае, што зробяць лішні паверх і ў палацы, якога ніколі не было. Такі дыснейлэнд, як зараз кажуць.

Вось рэканструкцыя Бярэсця. Яе нельга назваць дакладнай, бо яна больш фантазійная. Жарт і хуліганства. Але ўсё роўна на аснове Бярэсця. Гэты твор я не называю гістарычнай, гэта псеўдагістарычная рэканструкцыя, але мастаку можна. Я ж не патрабую там будаваць нешта, гэта я гуляюся. Вось бачыце, тут паркоўка, шынамантаж XVIII стагоддзя (паказвае на канюшню), недзе аўтобус быў, такі неаплан. (Жартуе, але ж аўтобус сапраўды ёсць (заўв. рэд.).

Мядзельскі замак – рэканструкцыя і тры кандыдаты гістарычных навук. Абапіраюся яшчэ на аналагі, запісы, успаміны – цэлы комплекс. Я толькі візуалізую, толькі дэталі, якія не тычацца гісторыі, магу інтэрпрэтаваць, але памеры, ландшафт, рэльеф – тут дакладнасць гістарычная.

Што рабіць у Акадэміі мастацтва

Я задавальненне атрымоўваю ад сваёй працы. Усё роўна гэта б рабіў, калі б не зарабляў. Таму што шчасце – гэта займацца любімымі справамі. Не сказаць, што выкладчыкі атрымоўваюць многа грошай. Я на чвэрць стаўкі, проста такая сацыялізацыя. Бо інакш сядзіш у майстэрні і накідваешся на людзей. З адным курсам толькі працую па кампазіцыі мастацтва кнігі. Ну гадзінка-дзве ў тыдзень. Але з задавальненнем, таму што калі ты нешта расказваеш і бачыш, што людзі разумеюць, – у гэтым ёсць сатысфакцыя, акрамя таго, што хочацца перадаць веды.

За 10 гадоў не змяніліся ні любоў да гісторыі, ні гульня ў салдацікаў

Але жаданне штосьці змяніць ёсць. Я не кажу, што я там у нейкай руціне, але ўтрымліваю шмат гістарычных праектаў, многія яшчэ не скончаны і цягнуцца доўга. Другую частку «Айчыны» ніяк не скончу. Павінна ўжо было ў тым годзе выйсці, але ў гэтым выйдзе. Ёсць тут на выставе, што будзе выкарыстоўвацца ў гэтай кнізе: Дунін-Марцінкевіч, Манюшка, Віленская маёўка, Полацк. ХІХ стагоддзе…

Фрагменты.Павел Татарнікаў

Пра персанальныя працы, не гістарычныя

У жонкі раслі на хутары касачы, замалёўкі з іх рабіў. А пасля бачу эскіз, перагорнуты да гары нагамі, падобна як бягуць такія дамы. Кветкавая тэма – Танец. Вось трыпціх: Ён, Яна, Першынец – літаграфіі вібрыруюць, калі адысці.

Пра яблыкі. Лічбавае і традыцыйнае мастацтва

Як атрымаў два Залатых яблыкі? Сам дасылаў на конкурсы работы – мастакі дасылаюць і выдавецтвы дасылаюць. Цяжка сказаць, як журы галасуе. Ведаю, што бывае непрадказальна, а бывае, што проста адразу ясна: стоп, вось гэта будзе гран-пры. Можна нават далей і не разглядаць. У мастацтве ўсё бывае хвалямі. Вось адзін конкурс – шыкоўныя работы, а наступны – слабыя. Як студэнты: адзін курс моцны, магутнейшы, а потым – бац! – нейкі спад, потым зноў моцны. І так бывае ў розных конкурсах.

Ёсць камерцыйныя конкурсы такія, як, напрыклад, балонскі кірмаш, велізарная выстаўка. Там трошку іначай, там у журы могуць быць не сапраўдныя мастакі, а выдаўцы, сябры гаспадара кірмашу – хто заўгодна, спонсар там можа быць, ён у гэтым не разбіраецца, але даў грошы. Наступны раз – чалавек такі ж спонсар, але ў яго густу можа быць больш. Таму лепш за ўсё каб прафесіяналы судзілі.

Сегмент кніжны застаўся

У сегменце якаснай арт-кнігі канкурэнцыя вырасла, а значыць, якасць яшчэ будзе расці. Абʼём таксама павялічваецца. Ёсць сегмент трэшу, ён гіганцкі, але і сегмент па якасці паліграфіі змясціўся за 30 гадоў. Калі раней кепскія кніжкі былі таннейшыя і іх друкавалі на горшых станках, то зараз і тыя і другія друкуюцца аднолькава. Гэта значыць, што калі тэхналагічная якасць аднолькавая, будзе канкурэнцыя ў аўтарах, тэксце, літаратуры, у героях і мастаках. На мастакоў, хто гэтую канкурэнцыю выйграе, будзе попыт. Як на пісьменнікаў ці на крэатараў.

А зараз пандэмія, і кніжны рынак вырас. Не ўсё ў інтэрнэт сыходзіць. Нон-фікшн поўнасцю выйшаў у інтэрнэт, але таксама ёсць паліграфічныя выданні. І ўсё мастакі малююць. А ў інтэрнэце што, без карцінак? Усё робяць мастакі. Нейрасетка, як і аловак класічны, – гэта ўсё інструменты. І раней пры дапамозе інструментаў рабілі, не пальцам жа па пяску малявалі. Нічога не змянілася. Проста інструментарый іншы. Ёсць сегменты, дзе індывідуальнасць мастацкая поўнасцю нівеліруецца. Напрыклад, у гульнях кампʼютарных. Трыста мастакоў малююць – і ніхто не даведаецца іх прозвішчы. Мастацтва – гэта феномен чалавечай культуры. Ён аперыруе вобразамі. Ніякая тэхналогія вобразы не стварае, бо яны нараджаюцца ў некіх суадносінах мозга і душы.

Фрагменты ілюстрацый да кніг.Павел Татарнікаў

Няма часу на свае кнігі

Сам кнігі спрабаваў пісаць, але гэта трэба спонсараў шукаць, трэба не маляваць, а кінуць усё, устаць ад стала і ісці шукаць. А так не хочацца гэтым займацца. Пакуль у мяне ёсць куча праектаў, якія трэба маляваць. Ужо даўно хацелася адну манаграфію, і кніжку, і альбом, але няма калі.

Супрацоўніцтва

У вытворчасць кнігі ўцягнута шмат людзей. І ва ўсіх гэтых людзей сваё меркаванне наконт таго, як павінна выглядаць кніга. Вось у нас на графіцы ёсць невялікі курс: псіхалагічная адаптацыя. Як ні круціся, трэба шукаць кампрамісы, бо калі хто-небудзь стане рогам, нічога не будзе. Усе перасварацца, парвуць паперкі і разбягуцца. Цяжэй за ўсё – з аддзелам маркетынгу. Яны ж заўсёды ведаюць, што любяць людзі і што будзе прадавацца. Так давайце ўсё кінем – парнаграфія гарантавана будзе прадаваць. Ці давайце гарэлку разліваць, этыкеткі рабіць, якая літаратура для дзяцей? Мы ведаем, за што гарантавана можна атрымаць грошы – гэта людскія парокі. А калі ты працуеш не з парокамі, вось тут ужо талент аўтара. Найлепшае супрацоўніцтва было з Ягоўдзікам Уладзімірам Іванавічам, разам мы рабілі «Залатая шарсцінка, срэбная павуцінка». Цуда-чалавек, і вось з ім яшчэ ёсць ідэя, але не раскажу.

Аўтар тэкстуНіка ГАНЧАР

Больш пра Паўла Татарнікава тут (opens new window)

Telegram
Ⓒ MAM Grodno