Хочацца выказацца з мінімумам візуальнага шуму
Стварылі віртуальны мастацкі альбом калекцыі касцёла Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку. Больш за 100 палотнаў, гравюр, скульптур, інсталяцый сучасных беларускіх мастакоў.
У асноўным, працы перадаюць натхненне ад Навагрудка, мясцовай прыроды, гістарычных падзей, сакральных таямніц у пошуках веры. І, канешне, уражанні ад самога касцёла, якому ў 2024 годзе споўнілася 400 гадоў. Наогул, мастацтва ўплывае і на ландшафтны дызайн на тэрыторыі былога сярэднявечнага дамініканскага кляштара, а на двары месціцца сучасны артэфакт – калона ў імя Святога Міхала Арханёла. Віртуальны мастацкі альбом вырашылі зрабіць з “мінімумам візуальнага шуму”, з гісторыямі мастакоў і спасылкамі на іх творчасць.


Чаму вырашылі стварыць альбом
Некаторыя мастацкія працы можа ўбачыць кожны наведвальнік касцёла Святога Міхаіла Арханёла. Напрыклад, абразы Пятра і Паўла знаходзяцца ў нішах алтара (аўтар – гарадзенскі мастак Сяргей Грыневіч), гістарычныя гравюры – у крыпце (аўтар – мінскі графік Павел Татарнікаў). Але ж большасць калекцыі, сярод якой – вобразы Святога Даменіка, Святога Фамы Аквінская (аўтар копіі, гарадзенскі мастак Аляксандр Балдакоў), пакутніц сясцёр- назарэтанак – захоўваюцца ў Доме пілігрыма пры касцёле. Каб яго наведаць і ўбачыць карціны, патрэбна папярэдняя замова.

У віртуальную калекцыю увайшлі творы, зробленыя ў Навагрудку на пленэрах і не толькі. Таксама вырашылі распавесці пра мастакоў, пра іх натхненне, паказаць тыя цуд, святло і каштоўнасці, што ўкладзены ў сюжэты. Адкрыць для ўсіх вялікую калекцыю, за якую вялікі дзякуй мастакам, вернікам і мецэнатам.
Далей чытайце, гартайце па спасылцы Хочацца выказацца з мінімумам візуальнага шуму (opens new window)